Сёння шмат мерапрыемстваў праходзіць анлайн і Zoom стаў адным з галоўных дадаткаў для правядзення вэбінараў, сустрэч, навучальных курсаў і канферэнцый. Разам з ростам папулярнасці Zoom павялічылася і колькасць інцыдэнтаў, датычных парушэння бяспекі: ад уварванняў чужых людзей на сустрэчы да ўцечак дадзеных.
Для арганізатараў важна не толькі граматна правесці сустрэчу, але і забяспечыць яе абарону і прыватнасць для ўсіх удзельнікаў. Асабліва гэта актуальна, калі:
- мерапрыемства праходзіць у закрытым фармаце;
- закранае адчувальныя тэмы;
- ёсць ананімныя ўдзельнікі, якім важна захаваць сваю ідэнтычнасць на мерапрыемстве.
У такіх выпадках варта прадумаць не толькі тэхнічныя меры бяспекі, але і спосабы захавання ананімнасці і прыватнасці ўдзельнікаў.
Асноўныя прапановы па бяспецы Zoom-мерапрыемстваў:
- Абнаўляйце Zoom. Рэгулярныя абнаўленні не толькі павялічвае бяспеку, але і адкрывае доступ да новых функцый, якія могуць палепшыць якасць правядзення сустрэч як для арганізатараў, так і для ўдзельнікаў.
- Плануйце сустрэчы з выкарыстаннем унікальных ідэнтыфікатараў (Meeting ID) і надзейных пароляў. Не публікуйце спасылкі ў адкрытым доступе.
- Адключыце функцыю «Уваход да арганізатара» (Join before host), каб удзельнікі не змаглі далучыцца да сустрэчы да таго, як гэта зробіць арганізатар.
- Абмяжуйце ўваход праз «Пакой чаканняў» (Lobby/Waiting room). У гэтым выпадку пры спробе падлучэння ўдзельніка вы ўбачыце яго нік і зможаце дазволіць ці забараніць уваход. Гэта падыдзе, калі вы ўжо ведаеце спіс нікаў усіх пацверджаных удзельнікаў.
- Блакуйце сустрэчу пасля пачатку (Lock Meeting), калі ўсе запланаваныя ўдзельнікі далучацца, каб ніхто чужы далучыцца не мог.
- Забараняйце запіс экрана ўдзельнікамі і загадзя папярэджвайце пра ўласны запіс, калі ён плануецца.
- Абмяжуйце магчымасці ўдзельнікаў і адключыце непатрэбныя функцыі, каб зменшыць патэнцыйныя рызыкі, напрыклад:
- Адключыце перадачу файлаў, каб не было магчымасці адправіць у чат заражаныя файлы.
- Забараніце дэманстрацыю экрана ўсім, апроч хоста (ці дазволеным), каб пазбегнуць паказу непажаданага кантэнту ў час канферэнцыі.
- Адключыце відэа і гук удзельнікаў на старце, каб выпадкова нікога не падставіць.
Мінімальная колькасць дазволаў захавае прадуктыўнасць сустрэчы і дапаможа пазбегнуць праблем.
Плануючы Zoom-сустрэчу, памятайце: добрая арганізацыя — гэта не толькі змест, але і то, наколькі камфортна і бяспечна пачуваюцца людзі па той бок экрана.