У самы разгар лета і сезон адпачынкаў КіберБабер вырашыў напомніць пра бяспеку сваіх гаджэтаў у падарожжах. Бо забыты ў кафэ тэлефон ці неасцярожнае падлучэнне да Wi‑Fi могуць сапсаваць адпачынак.
Сабралі рэкамендацыі для тых, хто хоча падарожнічаць спакойна і бяспечна.
Перад падарожжам
- Пакіньце дома ўсе электронныя прылады, якія не спатрэбяцца вам у час падарожжа. Тое, што вы бераце з сабой, абараніце надзейным паролем.
- Зрабіце рэзервовыя копіі важных дадзеных (фота, кантакты, дакументы) у воблаку ці на вонкавым цвёрдым дыску. Калі прылада будзе згублена ці пашкоджана, у вас застанецца важная інфармацыя.
- Усталюйце абнаўленні аператыўнай сістэмы, антывіруса і дадаткаў, каб закрыць вядомыя ўразлівасці.
- Выдаліце з прылад усё лішняе (карпаратыўныя дадзеныя, адчувальныя дакументы), пакіньце толькі патрэбнае.
- Выкарыстоўвайце надзейныя паролі і ўключыце двухфактарную аўтэнтыфікацыю (2FA) для акаўнтаў, месэнджараў, банка і сацсетак.
- Наладзьце функцыі аддаленага адсочвання (прыкладам, «Find My Device» для Android, «Find Devices» для iOS), каб знайсці, заблакаваць ці сцерці дадзеныя на страчаным тэлефоне ці планшэце.
- Усталюйце загадзя VPN (калі ён не забаронены ў той краіне, куды вы едзеце), каб бяспечна падлучацца да публічных Wi-Fi (напрыклад, на вакзалах).
Падчас падарожжа
- Пры выкарыстанні публічных Wi-Fi рэкамендуем карыстацца VPN для больш бяспечнага злучэння.
- Адключыце аўтападлучэнне да Wi‑Fi і Bluetooth (калі не карыстаецеся ім), каб зменшыць рызыку непажаданых падлучэнняў.
- Імкніцеся зараджаць прылады толькі сваім камплектным кабелем. Адкрытыя USB-парты (напрыклад, у аэрапортах, кафэ ці цягніках) могуць быць выкарыстаны не толькі для зарадкі, але і для крадзяжу дадзеных ці ўсталёўкі шкодных праграм. Калі вы падлучаеце прыладу да порта USB і з’яўляецца запыт, які прапануе абраць “агульны доступ да дадзеных”, “давяраць гэтаму камп’ютару” ці “толькі зарадка”, заўсёды выбірайце “толькі зарадка”.
- Заўсёды трымайце гаджэты пры сабе, асабліва ў аэрапорце, кафэ, транспарце. Злодзеі часта хутка выхопліваюць тэлефоны, калінешта адцягнула нашу ўвагу.
- Пазбягайце доступу да асабістых акаўнтаў на грамадскіх камп’ютарах у гатэлях, бібліятэках ці кафэ. Калі вам даводзіцца гэта рабіць, заўсёды націскайце кнопку “Выйсці з акаўнта”: проста закрыць браўзар недастаткова.
- Будзьце ўважлівыя пры зняцці наяўных. У некаторых банкаматах злачынцы могуць усталяваць схаваныя прылады, каб выкрасці дадзеныя карты і PIN-код (скімінг). Каб абараніцца, выкарыстоўвайце банкаматы толькі ўнутры банкаў, правярайце прыладу на наяўнасць падазроных “накладак”на клавіятуру або месца, куды ўстаўляецца картка, і заўсёды прыкрывайце клавіятуру рукой.
Па вяртанні назад
- Прагледзьце актыўныя сеансы вашых акаўнтаў (пошта, мэсэнджары, сацсеткі). Калі ўбачылі невядомае падлучэнне, выдаліце яго і змяніце пароль у акаўнце.
- Выдаліце часовыя дадаткі, якія вы ўсталёўвалі толькі для падарожжа і яны вам больш не патрэбныя, каб у іх не было доступу да вашых дадзеных. Вы заўсёды зможаце загрузіць іх ізноў для наступнага падарожжа.
Выконваючы гэтыя нескладаныя правілы, вы значна зменшыце рызыкі страты асабістых звестак, крадзяжу ці заражэння гаджэтаў вірусамі. КіберБабер жадае вам бяспечных і лёгкіх падарожжаў!